У Брэсце экс-кандыдат у дэпутаты падаў позву на “інтэрнэт-троля”

Анатоль Новік удзельнічаў у выбарах па Брэсцкай-Памежнай акрузе №4. Падчас дазволенай агітацыі на сайце газеты “Зара над Бугам” з’явіўся яго зварот да выбарцаў, а пазней, перад пачаткам датэрміновага галасавання, — “скандальны” каментар да яго. У ім пад нікам некай “Ларысы” гаварылася, што Новік неаднаразова пагражаў жанчыне і нават аднаго разу збіў яе.

Са словаў самога Новіка, каментар не адпавядае рэчаіснасці, а пад імем “Ларыса” хаваецца яго суседка па дому. Чаму жанчына вырашыла напісаць “крамольнае прызнанне”, экс-кандыдат збіраецца высвятляць праз суд.

Новік гаворыць, што скардзіўся галоўнаму рэдактару “раёнкі” і каментар адразу прыбралі. Аднак мужчына лічыць гэта недастаковым: "прызнанне" магло паўплываць на вынікі галасавання, паводле якіх ён прайграў.

Новік: "Вы разумееце, калі пішуць, што чалавек — нягоднік, паспрабуй пазней што-небудзь растлумачыць. Вядома, людзі не будуць галасаваць. Той, хто ведае мяне, не будзе звяртаць на гэта ўвагу. Але што, прабачце, з тымі, хто не ведае? "Зару на Бугам" жа чытае ўвесь Брэсцкі раён!"

Днямі былы кандыдат у дэпутаты падаў скаргу ў суд Брэсцкага раёна. За ілжывыя паведамленні, якія зневажаюць ягоныя гонар і годнасць, мужчына патрабуе прыцягнуць да адказнасці як "суседку-каментатара", так і рэдакцыю газеты. Да таго ж, Новік настойвае на абвяржэнні на старонках "раёнкі".

Фота — newzz.in.ua