У Брэсце адкрылася выстава “100 забароненых кніг свету”
Яе склалі выданні, якія захоўваюцца ў абласной бібліятэцы імя Максіма Горкага, але доступ да іх у свой час быў абмежаваны.
Як інфармуе праваабарончы сайт "Вясна", спачатку на выставе былі прадстаўленыя творы на расійскай мове рэпрэсаваных у часы СССР пісьменнікаў, потым да іх далучыліся кнігі замежных аўтараў. Так, незайздросны лёс не абмінуў нават вядомую кнігу Джона Рыда “Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет”: у пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя гэты твор на нейкі час быў забаронены цэнзурай і не выдаваўся чытачам бібліятэкі.
Зараз асноўную частку экспазіцыі, якая налічвае ўжо больш за 130 асобнікаў, складаюць творы беларускіх пісьменнікаў. У прыватнасці, тут ёсць забароненыя ў свой час кнігі Цішкі Гартнага, Максіма Зарэцкага, Уладзіміра Жылкіа, Максіма Лужаніна, Уладзіміра Дубоўкі ды іншых аўтараў.