У Брэсце дзяржаўтаінспектары зладзілі канцэрт-вар’етэ
Мэта акцыі: пераканаць маладых кіроўцаў быць больш абярэжлівымі да жыцця, свайго і чужога.
Акрамя трох рэгуліроўшчыц з кійкамі ў суправаджэнні ансамбля мажарэтак “Віктары”, у начным клубе “Сфера” выступіла спявачка Алена Надольская, якая чакае дзіця. Карысць флікераў падкрэсліў светлавым шоў тэатр “Этэрэ”. Спяваў са сцэны і сярод публікі даўно чаканы брэстаўчанамі шоўмэн і кампазітар Аляксандр Патліс, вядомы як колішні лідар групы “Новы Іерусалім”.
Начальнік аддзела агітацыі і прапаганды Брэсцкай абласной ДАІ Наталля Сахарчук патлумачыла:
“Прафілактыка транспартных здарэнняў з удзелам маладых кіроўцаў актуальная для Брэсцкай вобласці. Тры гады таму мы ладзілі дыска- і рок-туры па гарадах Брэстчыны. Тады кожнае шостае ДТЗ са смяротным сыходам было па віне маладых кіроўцаў. Сёння гэта ўжо кожнае чацвёртае”.
Дзяржаўтаінспектары назвалі канцэрт “Любі жыццё” і прысвяцілі яго Дню закаханых 14 лютага. У клуб “Сфера” прыйшло больш за сто чалавек. Кожны атрымаў у падарунак флікер у выглядзе сэрца.


