У Брэсце прайшоў прагляд кінастужкі "1984"
Экранізацыя знакамітай антыўтопіі Оруэла была паказаная ў межах прэзентацыі кінаклуба на тэму свабоды.
На мерапрыемства, якое адбылося на офісе арганізацыі “Дзедзіч”, гледачоў запрашалі праз сацыяльныя сеткі. Нягледзячы на ўзрост карціны 1984 году выхаду, жадаючых патрапіць на "прэм'еру" было некалькі дзесяткаў. Прыйшлося абмежавацца людзьмі, якія першымі запісаліся на сустрэчу. Умясціць усіх ахвотных папросту не дазволіла памяшканне.
Як паведаміў Еўрарадыё арганізатар мерапрыемства Сяржук Кавалько,
зацікаўленнасць брэсцкага гледача да кінапрагляду - чарговае пацвярджэнне
актуальнасці кнігі ў нашыя дні. Нажаль, усё часцей сітуацыя ў краіне вымушае
праводзіць паралелі з праблематыкай, узнятай Оруэлам больш за паўстагоддзя
таму.
"1984" - фантастычны раман Джорджа Оруэла з элементамі сатыры, выдадзены ў 1949
годзе. Лічыцца адным з самых вядомых твораў у жанры антыўтопіі, які папярэджвае
пра пагрозу таталітарызму. Неаднаразова станавіўся ахвярай цэнзуры ў
сацыялістычных краінах.
Таксама актывіст адмеціў, што сустрэчы тэматычнага кінаклуба будуць
праходзіць штотыдзень. Акрамя непасрэдна прагляду, гасцей запрашаюць
далучыцца і да абмеркавання праблемных пытанняў, пабачаных ў фільмах.