У Брэсцкім універсітэце ўзяліся за незалежны прафсаюз

На думку старшыні суполкі, гэта чарговая спроба яе знішчыць. Суполку СПБ ва ўніверсітэце імя Пушкіна ўзначальвае Валянцін Лазарэнкаў. Днямі ён атрымаў ліст з Ленінскага райвыканкама, дзе зарэгістраваная суполка. У лісце са спасылкай на рэктара ўніверсітэта Часноўскага сцвярджаецца, быццам у незалежным прафсаюзе не засталося ніводнага чальца.

Лазарэнкаў: "Спачатку ў райвыканкам прыйшоў ліст ад рэктара ўніверсітэта. Мечыслаў Часноўскі заяўляе, што апрасіў усіх – няма там Свабоднага прафсаюза. Усе перайшлі ў афіцыйны. І складкі яны не збіраюць… А цяпер райвыканкам піша: “Прадастаўце спіс чальцоў СПБ ва ўніверсітэце”.

Па словах Лазарэнкава, улады ўжо рабілі такія спробы, калі незалежны прафсаюз перастаў збіраць складкі праз бухгалтэрыю. Першапачаткова ва ўніверсітэцкай суполцы было каля ста чалавек, кажя прафсаюзны лідар. Але праз уціск большасць людзей фармальна выйшлі з Свабоднага прафсаюза. Той, хто адкрыта пратэставаў, быў звольнены.

Лазарэнкаў таксама нагадаў, што пяць гадоў таму рэпрэсіі супраць Свабоднага прафсаюза ва ўніверсітэце былі адной з прычынаў скасавання прэферэнцый для Беларусі ў гандлі з Еўрасаюзам і шматмільярдных грашовых стратаў.