У Бундэстагу крытыкавалі Інтэрпол за кантакты з Беларуссю

Беларусь ёсць часткай Еўропы, а ў Еўропе няма месца смяротнаму пакаранню, перадае Радыё "Свабода" заяву Рональда Пафалы, кіраўніка ведамства канцлера Ангелы Мэркель. Пафала таксама падтрымаў шматлікія прапановы еўрапейскіх палітыкаў накот пераносу правядзення чэмпіянату свету-2014 па хакеі з Беларусі ў іншую краіну.

Пазіцыю Рональда Пафалы падзяляе дэпутатка Бундэстагу ад фракцыі "зялёных" Марылуіза Бек. Яна таксама распаўсюдзіла заяву наконт Інтэрполу, заявіўшы, што гэта арганізацыя ідзе "пад руку з Лукашэнкам". Бек спаслалася на заявы беларускага кіраўніка тэлеканалу Russia Today. Там ён заявіў пра станоўчую ацэнку расследавання справы з боку Інтэрполу.

У сувязі з гэтым дэпутатка цікавіцца, чаму Інтэрпол кантактуе з кіраўніцтвам Беларусі, калі ЕС і Савет Еўропы спынілі ўсялякія кантакты на вышэйшым узроўні. Таксама яна цікавіцца, чаму ў студзені 2012 года кіраўнік МУС Беларусі Анатоль Куляшоў прыехаў у штаб-кватэру Інтэпола ў Ліёне, нягледзячы на забарону на ўезд у краіны ЕС.