У цэнтры Мінска прарвала трубу з гарачай вадой (фота)

Прарыў трубы з гарачай вадой у падземным пераходзе на скрыжаванні вуліцы Леніна і праспекта Незалежнасці адбыўся ўначы. Як паведамляе партал TUT.BY, пацярпелі ўсе гандлёвыя кропкі, якія размяшчаюцца ў пераходзе. Гэта крама сотавага аператара Velcom, дзве тэатральныя касы, крама "Свет дыскаў" і валютны абменнік "Беларусбанка".

Прадаўцы і ўладальнікі кажуць, што даведаліся пра здарэнен толькі сёння на пачатку дзясятай раніцы, калі прыйшлі на працу. Напрыклад, у тэатральных касах адзначаюць, што ім давядзецца плаціць тэатрам за квіткі на паўгода наперад. Работнікі кажуць, што намоклі грошы ў сейфах, прынтар на стале і нават электралічыльнік.

Галоўны інжынер "Мінскіх цепласетак" Аляксандр Драгун, аднак, кажа, што страты пацярпелым кампенсуе "Белдзяржстрах". Разам з тым ён заяўляе, што некаторыя імкнуцца скарыстацца аварыйнай сітуацыяй і завысіць свае страты.

Прычыну здарэння спецыялісты высвятляць падчас расследавання. Але Драгун абвяргае версію, што прарыў звязаны з тэмпературнымі выпрабаваннямі цепласетак.

Фота — TUT.BY