У ДТЗ на Херсоншчыне ніхто з беларусаў не загінуў
Паводле ўдакладненых звестак, у дарожнай аварыі пацярпелі 43 беларусы, 29 з іх шпіталізаваныя.
Такую інфармацыю падае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу МЗС Беларусі. Нагадаем, што ДТЗ здарылася ў Каланчацкім раёне Херсонскай вобласці Украіны позна ўвечары на 105-м кіламетры аўтатрасы Сімферопаль — Херсон. Аўтобус, у якім ехалі 46 беларусаў, сутыкнуўся з грузавым мікрааўтобусам Ford Transit. Пасля сутыкнення аўтобус з пасажырамі перавярнуўся на бок і ў яго ўрэзаўся легкавы аўтамабіль ЛАДА.
Для высвятлення абставінаў аварыі і аказання неабходнай дапамогі на месца здарэння прыбылі супрацоўнікі генеральнага консульства Беларусі ў Адэсе і амбасады Беларусі ва Украіне. Дыпламаты працуюць у цесным кантакце з медыцынскімі ўстановамі, дзе знаходзяцца пацярпелыя беларусы, а таксама з праваахоўнымі органамі, якія вядуць расследаванне здарэння.