У дзень абменнікі могуць памяняць 200 000 долараў
Беларусы нясуць у абменнікі ад дзесяці да двухсот долараў ці еўра.
Еўрарадыё пацікавілася ў беларускіх банках, колькі валюты беларусы здаюць у абменнікі.
У аддзеле валютных аперацый філіяла 514 “Беларусбанк” кажуць, што валюту людзі здаюць, але адразу ж яе і скупляюць.“У сярэднім за дзень у нашым філіяле адбываецца абмен на 200 000 долараў – і купля, і продаж у сукупнасці."
Людзі здаюць невялікія сумы”.У “Белінвестбанк” таксама прыносяць невялікія сумы.
“Ніхто не здае шмат. Здаюць, зразумела, менш людзей, чым набываюць – валюты ж няма, – паведамілі ў адным са сталічных аддзяленняў. – Каса можа быць увогуле пустая, грошай няма, зарплату людзям не выдавалі – здаваць няма чаго”.
Па сістэме абмену “БелСвісБбанку” за пару ранішніх гадзін прайшло 40 мільёнаў рублёў.
“Здаюць па 10-150 долараў. Вялікіх здзелак няма, па тысячы ўжо даўно ніхто не прыносіць”, — адзначаюць у дылерскім аддзеле.
Прыкладна тая ж сітуацыя і ў “Белпрамбудбанку”. Людзі прыносяць валюту, але невялікія сумы – да тысячы. Як правіла, за дзень здаюць некалькі чалавек да 100 долараў ці еўра, якія адразу ж і скупляюцца іншымі.
У “БТА банк” людзі прыносяць па 20 ці 50 долараў – пэўна, каб разлічыцца за тэлефон: “За дзень прыносяць валюту ўсяго некалькі чалавек, астатнія стаяць, купляюць, хоць купляць няма чаго”.
Толькі ў банку “Масква-Мінск” заявілі, што ў іх адбываюцца і вялікія здзелкі. Але гэта рэдкасць. “Людзі здаюць нейкія сумы, якія адразу ж і скупляюцца. Казаць пра вялікія сумы ў касе не выпадае. За апошні час здавалі і па некалькі дзесяткаў тысяч долараў. Але большасць здзелак звязана з невялікімі сумамі – да тысячы долараў ці еўра. Часам прыносяць 100 ці 200 долараў”.
Здаваць долары ці еўра беларусы не спяшаюцца. У банках мяркуюць, што рублі набываюцца перад канкрэтнай пакупкай — тэлевізарам ці мабільным телефонам або на паўсядзённыя выдаткі.
Фота: aif.by