У дзень “трох адзінаццатак” прачытаюць лекцыю пра Кіма Хадзеева

Дысідэнт і інтэлектуал Кім Хадзееў — легендарная мінская асоба. Ён быў самадзейным філосафам, культуролагам, мысляром — цэнтрам падпольнага інтэлектуальнага жыцця Мінска цягам некалькіх дзесяцігоддзяў. Праз яго кватэру прайшоў паэт Уладзімір Някляеў, рэжысёр Уладзімір Рудаў (славутая “Камедыя”), паэты Канстанцін Міхееў і Андрэй Хадановіч, філосаф Валянцін Акудовіч, многія-многія іншыя. Ведалі Кіма і ў Маскве — ён сябраваў з Булатам Акуджавам, Львом Анінскім, Уладзімірам Высоцкім. Двойчы Кім Хадзееў быў у зняволенні – першы раз пасля таго, як у 1949 годзе заклікаў забіць Сталіна. Другі раз патрапіў у вар'ятню “Крестов” у 1962 годзе па даносе знаёмца…

Культуролаг Юлія Чарняўская разам са сваім мужам Юрыем Зісерам цёпла сябравалі з Кімам Хадзеевым, падтрымлівалі яго. Калі Кім памёр у 2001 годзе — на tut.by з’явіўся іх супольна напісаны некралог. Лекцыя Юліі Чарняўскай “Прарок у Айчыне” — ключ да разумення асобы Кіма Хадзеева, якога адны лічылі гарадскім вар’ятам, а іншыя — геніем.

Імпрэза адбудзецца сёння, 11 лістапада а 18.30. Месца правядзення — “Галерэя Шчамялёва” — Мінск, пр-т Ракасоўскага, 49. Уваход вольны.