У Егіпце адбываюцца першыя дэмакратычныя выбары

Еўрарадыё: Ціна, сёння ў Егіпце пачынаюцца выбары. Панядзелак першы дзень тыдня. Чаму ў Егіпце выбары адбываюцца ў буднія дні?

Ціна Сікорская: Тут усё заблытана, па-першае, у іх учора не быў вольны дзень – гэта іншая культура, іншая рэлігія. Увогуле  ў іх нядзеля — гэта святы дзень і ім не да розных справаў кшталту палітыкі. Выбараў, здаецца, у іх ніколі не было ў нядзелю. А панядзелак — гэта дастаткова нармальны дзень, каб прызначыць выбары. Яшчэ адна справа — у іх 45 тысяч выбарчых участкаў і 50 мільёнаў зарэгістраваных выбарцаў. У іх самы важны чалавек, той, каму яны давяраюць кантроль за ўчасткамі, за падлікам галасоў, старшыня камісіі, — гэта суддзя. Суддзяў на ўсю краіну не хапае і таму яны зрабілі два дні, каб размеркаваць суддзяў па ўсіх участках, а галоўнае — паколькі выбарцаў 50 мільёнаў, то цяпер, я гэта сваімі вачыма бачыла, да выбарчых участкаў стаяць чэргі. Я налічыла 187 чалавек вось цяпер каля аднаго з участкаў, і людзі проста ломяцца на ўчасткі, хочуць галасаваць.

Еўрарадыё: Іх туды ніхто не заганяе, як у Беларусі?

Ціна Сікорская: Не. Сітуацыя падаецца такой. З аднаго боку — гэта нібыта абавязковая рэч, у іх прымусовае галасаванне і калі ты не прагаласаваў, то табе выпісваюць штраф – 500 фунтаў егіпецкіх. Гэта прыкладна трохі болей за 10 еўра. Але з іншага боку, паводле таго, што я пачула, паразмаўляла з рознымі людзьмі, з некалькімі суддзямі, з настаўнікамі, з дырэктарам адной са школаў, з людзьмі, якія выходзілі з галасавання… Вы ведаеце, ва ўсіх такі настрой прыўзняты, таму што ўсе гавораць, наколькі гэтыя выбары адрозніваюцца ад тых, якія былі калісьці, і ўсе вельмі натхнёныя, усміхаюцца…

Еўрарадыё: Ты кажаш, што ва ўсіх добры настрой, усе усміхаюцца, а чаму тады пратэстуюць, адкуль увесь гэты гвалт і небяспечная абстаноўка?

Ціна Сікорская: Ёсць такая яшчэ рэч… Па-першае, яны вельмі паспешліва рыхтаваліся да гэтых выбараў. У іх была такая сітуацыя, што ваенным трэба было здаць уладу праз паўгода пасля таго, як яны яе ўзялі ў свае рукі, а яны зацягнулі яе да васьмі месяцаў і людзі ўжо сталі абурацца. Потым яны прызначылі новага прэм’ер-міністра, калі часовы ўрад сышоў у адстаўку. Новы прэм’ер-міністр быў са старога ўрада, з урада Мубарака, і людзі зноў пачалі абурацца. І вельмі шмат недарэчнасцяў, шмат нязгоды ў законах, незразумела, як будзе ісці працэдура падліку галасоў, таму што на гэтую працэдуру міжнародных назіральнікаў увогуле не пускаюць. Тры дні таму мы размаўлялі пра гэта і была такая сітуацыя, што іх не лічаць у школах, іх лічаць у цэнтральных выбарчых цэнтрах. А іх усяго восемдзесят тры па ўсёй краіне.

Еўрарадыё: Спачатку галасуюць, а потым не лічаць на месцы, а адвозяць у нейкія цэнтралізаваныя ўстановы?

 Ціна Сікорская: Так. Мала таго, яны не лічаць сёння ўвечары, яны палічаць заўтра ўвечары, таму што выбары два дні — з-за таго, што вялікія чэргі і ўсе людзі проста банальна не паспеюць прагаласаваць за адзін дзень. Таму гэтую ноч, калі будуць стаяць скрыні, яны будуць пад аховай, а суддзі будуць спаць на ўчастках. Як мы сёння жартавалі сваёй групай — хацелі б мы паглядзець на гэтых суддзяў на наступны дзень. Таму што трэба цэлую ноч правесці на ўчастку, а там будзе і паліцыя, і ўвогуле могуць быць пратэсты. Таму што ўсе чакаюць такой сітуацыі, што школы са школамі будуць не тое, што ваяваць, але ў розных месцах можа быць розная сітуацыя. Таму што ім выгадна, калі ў адным месцы адзін лідэр сярод кандыдатаў, а ў іншай школе іншы, і можа быць што заўгодна.

Еўрарадыё: Сценка на сценку?   

Ціна Сікорская: Так. Вось сёння мы як раз знаходзімся ў партовым горадзе Порт-Саідзе — гэта невялікі горад каля мяжы з Ізраілем, і вост сёння Аль-Джазіра падала свежую інфармацыю наконт выбараў, што была ўзарваная газавая труба, якая вядзе ў Ізраіль.