У Егіпце скончылася 30-гадовае надзвычайнае становішча
Закон пра надзвычайнае становішча страціў сілу апоўначы 1 чэрвеня.
Закон быў уведзены ў 1981 годзе пасля забойства прэзідэнта Егіпта Анвара Садата. Ён даваў войску і спецслужбам права затрымоўваць падазраваных і незалежна ад іх статусу перадаваць вайсковым судам.
Армейскае кіраўніцтва, якое кіруе краінай пасля зрынання прэзідэнта Хосні Мубарака, заявіла, што не мае намеру падаўжаць тэрмін дзеяння закона.
Адмена надзвычайнага становішча была адным з галоўных патрабаванняў дэманстрантаў, якія выступілі ў 2011 годзе супраць урада Мубарака, адзначае ВВС.