У Глеба ёсць сур’ёзныя прапановы з Італіі, Англіі і Германіі
Беларускі паўабаронца прайшоў медагляд у Барселоне. Чакаецца, што да канца жніўня ён набярэ форму. Тады і вырашыцца, дзе ён працягне кар’еру.
22 чэрвеня Аляксандр Глеб прайшоў медагляд у Барселоне. Праз тыдзень беларускаму футбалісту здымуць гіпс, і ён зможа хадзіць без мыліцаў. 1-га ці 2-га ліпеня будзе прынята рашэнне аб яго рэабілітацыі. Ён прыляціць у Германію ці застанецца на аднаўленне ў Барселоне, як таго жадаюць лекары. Будзе зроблена ўсё магчымае, каб да 31 жніўня (канец трансфернага вакна), Саша больш-менш прывёў сябе ў парадак, кажа агент футбаліста Мікалай Шпілеўскі. Ён абвяргае чуткі пра тое, што Аляксандр Глеб працягне сваю кар’еру ў Азербайджане.
“Для мяне поўны нонсенс! – абураецца Шпілеўскі. – Чытаю ў інтэрнэце, усплываюць нейкія краіны, як Азербайджан. Я не ведаю, хто гэта прыдумляе. На імені Глеба спекулююць і жук, і жаба. Былі сур’ёзныя прапановы ад топ-клубаў з той жа Італіі, Англіі, Германіі. Але паўтаруся: ўсіх цікавіць нармальны стан Аляксандра Глеба”.
Па словах Шпілеўскага лекары зробяць усё магчымае, каб да канца жніўня футбаліст быў у норме. І можа “Барселона” сама знойдзе топ-клуб, у які і аддасць беларуса ў арэнду – нікому не цікава, каб ён сядзеў на трыбуне.
“Зразумела, што стан Аляксандра цяпер не самы лепшы. Гэта складаныя хвіліны для яго як спартоўца быць па-за справай. Я ведаю Сашу каля 10 год і ведаю, што ў яго ёсць футбольны характар. Пасля 1-га ліпеня Саша мусіць шмат часу праводзіць з фізіятэрапеўтамі ў трэнажорным зале. У такім стане могуць знаходзіцца толькі моцныя людзі. А прапаноў у нас цяпер хапае”.
Фота: vladono.blog.tut.by