У Гомелі на зборшчыка подпісаў напаў раз’юшаны мужчына
Інцыдэнт здарыўся 10 жніўня ў часе збору подпісаў за патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты, грамадскага актывіста Ігара Случака.
Маладзён плануе балатавацца па Гомельскай-Савецкай акрузе як незалежны кандыдат. Ён сам разам з братам збіраў за сваё вылучэнне подпісы на вуліцы братоў Лізюковых. У пад'ездзе аднаго з дамоў адбыўся канфлікт з мясцовым жыхаром. Той выбег на лесвічную пляцоўку і паспрабаваў справакаваць бойку. Тады Ігар Случак дастаў мабільны тэлефон, каб выклікаць міліцыю, але мужчына ударыў хлопца па руцэ, і тэлефон разбіўся, інфармуе spring96.org
Пасля інцыдэнту Случак усё ж выклікаў міліцыю і напісаў заяву з просьбай прыцягнуць хулігана да адказнасці. Па словах актывіста, выбаршчык быў раззлаваны не менавіта на яго, а на выбарчую кампанію ў цэлым, крычаў, што ўсё гэта “падман і лахатрон”.