У Горках ужо рыхтуюцца да "Дажынак" налета
Падрыхтоўку тут пачалі не з упарадкавання тэрыторыі, дарог, усёй інфраструктуры, а з упарадкавання... ідэалагічнага.
І праца гэта пачалася з дзіўнага кроку – будзе дэмантаваны помнік Леніну. Наступны крок – незалежную газету “УзГорак” адмовіліся распаўсюджваць у сетцы “Белмаркет”.
Еўрарадыё: Калі вы даведаліся, што вашу газету перастаюць распаўсюджваць праз “Белмаркет”? І з чым гэта, на вашу думку, звязана?
Галіна Будная: Даведалася сёння раніцай, калі развозіла газету па крамах, дзе яна прадавалася. І ў “Белмаркеце” мне паведамілі, што з 3 лістапада іх сетка маю газету прадаваць не будзе. Як вынікала з тлумачэння прадаўцоў, ім патэлефанавала кіраўніцтва з Мінску і загадала газету нашу больш не прадаваць. Я патэлефанавала ў Мінск да таго чалавека, з кім падпісвала дамову аб продажы нашай газеты праз іх маркеты, але ён мне адказаў, што гэта распараджэнне кіраўніцтва “Белмаркета”, і з 3 лістапада ў горадзе Горкі нашая газета прадавацца не будзе. І нічога мне не было патлумачана, з чым такое рашэнне звязанае.
Еўрарадыё: Але вы з імі падпісвалі дамову. На які час яна была падпісаная?
Галіна Будная: Я зараз не памятаю, здаецца, што дамова была бестэрміновая, але хіба там было зазначана, што калі супрацоўніцтва абодва бакі задавальняе, яно будзе працягнутае.
Еўрарадыё: А ці быў у дамове такі пункцік, што адзін з бакоў можа зарваць выкананне ўмоваў гэтай дамовы, нават не папярэджваючы іншы бок?
Галіна Будная: Ну вядома, там у дамове ўсё гэта было прапісана, але я намерваюся гэта пытанне дакладна высветліць, бо, як мне падаецца, з пункту гледжання заканадаўства, там нешта аднаму боку пагражае, калі ён разарваў умову без узгаднення з другім бокам. Мы пакуль што пераварваем гэтую сітуацыю, думаем, што і як нам рабіць далей. Газета, як бы там не было, карыстаецца пэўнай папулярнасцю, раскупляецца і мы думаем, што трэба шукаць месца, каб прадаваць недзе сваю газету. А трохі пазней мы падумаем і пра гэтую разарваную дамову.
Еўрарадыё: Ці шмат газет вы распаўсюджвалі праз “Белмаркет”? І наколькі моцным ударам для вас з'явілася страта менавіта гэтага месца распаўсюджвання?
Галіна Будная: З фінансавага пункту гледжання, для нас гэта не будуць вельмі вялікія страты. Проста мы хацелі б мець больш пунктаў выхаду да чытача. Агульны наклад у нашай газеты невялікі – 1000 асобнікаў, і нам шкада губляць чытачоў. Акрамя нашага раёну, мы распаўсюджваем яе яшчэ ў Мсціслаўскім.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці не звязана раптоўнае негатыўнае стаўленне да вашай газеты з будучымі “Дажынкамі”?
Галіна Будная: Шчыра кажучы, я не ведаю, я сама губляюся і не магу адказаць на гэтае пытанне. Не выключаю, што недзе мы не прыйшліся да густу, але канкрэтна адказаць на ваша пытанне пакуль што не магу. Раней ніколі нічога падобнага не здаралася. Дробныя нейкія непаразуменні здараліся, але каб так... Прынамсі, апошнія паўгода нічога такога не было.