У Гродна 18 сакавіка адбудзецца суд над Кацярынай Герасімчык

Кацярыну Герасімчык, студэнтку Гродзенскага медуніверсітэту, затрымалі ў ноч з 11 на 12 лютага ў цэнтры Гродна побач з помнікам Леніну, на пастаменце якога быў зроблены надпіс "Луку на муку".

Побач з помнікам Кацярына Герасімчык апынулася разам са сваёй аднакурсніцай Вольгай Багданкевіч – яны вярталіся дамоў.

Дзяўчаты мелі пры сабе наклейкі "Малады фронт" і раздрукоўкі з надпісам "Свабоду Кіркевічу!", "Свабоду Някляеву!", "Свабоду Фядуту!". Такія налепкі былі расклееныя ў цэнтры Горадні.

Днямі пастановаю адміністрацыйнай камісіі дзяўчат пакаралі штрафамі ў памеры 10 мінімальных заробкаў кожную, прызнаўшы вінаватымі ў расклейванні налепак, паведамляе Радыё Свабода.

"Я глядзела матэрыялы справы, бачыла там здымкі, на якіх у розных месцах былі налепкі, а таксама надпіс на пастамэнце, але нідзе не было таго, што я маю дачыненне да гэтага, – гаворыць Кацярына Герасімчык. – Я таксама магу сфатаграфаваць налепкі, бо яны вісяць па ўсім горадзе, у тым ліку і ў цэнтры".

Кацярына кажа, што ў матэрыялах справы, па сведчаньні міліцыянтаў, побач з помнікам Леніну не было ніякіх слядоў, бо занесла ўсё снегам.

Калі я паспрабавала сказаць камісіі, што нашая віна не даказаная, мне адказалі, што гэта не мае ніякага значэння, паколькі тут не суд.