У Кіеве з-за снегу ў панядзелак адмянілі працоўны дзень
Такое рашэнне прыняў урад Украіны дзеля пераадолення стыхійнага бедства.
Працоўны дзень перанесены на 13 красавіка. Як паведамляе РБК, адмяніць працоўны дзень рэкамендуецца ўсім установам украінскай сталіцы, за выключэннем пошты і пенсійнага фонду. Рэжым працы банкаў мае вызначыць Нацыянальны банк.
Акрамя таго, усім прадпрыемствам і арганізацыям Кіева рэкамендуецца вылучыць аўтамабілі для ліквідацыі наступстваў анамальнага снегападу, які прайшоў ва Украіне.
Нагадаем, што 22-23 сакавіка ў Кіеве выпала больш за месячную норму ападкаў. У выніку на дарогах быў паралізаваны аўтамабільны рух, з перабоямі працавалі і аэрапорты. Моцны снегапад прайшоў па ўсёй краіне, некалькі соцень населеных пунктаў апынуліся абясточанымі. Гэты снегапад стаў самым моцным за апошнія 100 гадоў назіранняў.
Фота — unian.net