У Лондане сёння адбудзецца вяселле прынца Ўільяма і Кэтрын Мідлтан
У ліку каля дзвюх тысяч запрошаных на вяселле госцяў лідары прыкладна 50 дзяржаў. Кіраўнік Беларусі у лік запрошаных не патрапіў.
У Вестмінстарскім абацтве сёння адбудзецца вяселле прынца Ўільяма – другога ў чарзе на брытанскі пасад – і Кэтрын Мідлтан.
На вясельную цырымонію запрошаны пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі Аляксандр Міхневіч.
У каментары БелаПАН пасол паведаміў, што дыпламаты запрошаныя толькі для ўдзелу ў цырымоніі шлюбу, але не на прыёмы, якія пройдуць у розных фарматах на працягу дня.
Паводле слоў Міхневіча, у адпаведнасці з пратаколам, мужчынам рэкамендуецца быць апранутым у так званы ранішні сурдут (morning dress), які звычайна апранаюць у эскорце пры наведванні Каралеўскіх скачак. Да цёмнага верху неабходныя гальштук, камізэлька і паласатыя штаны. Дамам рэкамендуецца прыйсці ў пальчатках і галаўных уборах. Паколькі цырымонія праходзіць у абацтве, жанчынам нельга быць з аголенымі рукамі ці плячамі.
Сваю жонку беларускі пасол не зможа ўзяць на цырымонію — дыпкорпус запрошаны без суправаджэння. Падарункі пратаколам не прадугледжаны, сказаў Міхневіч, маладыя ад іх адмовіліся.