У Магілёве прадпрымальніцы не падаўжаюць арэнду і выклікаюць у КДБ
Адміністрацыя гандлёвага цэнтра “Прэстан” паведаміла, што Людміла Крыловіч мусіць вызваліць займанае памяшканне 1 студзеня 2012 года.
Па словах жанчыны, з усіх прадпрымальнікаў такое паведамленне атрымала яна адна, бо не пагаджалася аплочваць дадатковыя грашовыя зборы, не прадугледжаныя дамовамі арэнды.
Людміла Крыловіч: "Яны на 100% хочуць ад мяне пазбавіцца. Тым больш што сёння а 15:42 патэлефанавалі з КДБ і запрасілі мяне да сябе, бо дырэктар зрабіў на мяне данос, што я арганізоўваю забастоўкі. Гэта было запрашэнне па тэлефоне, без позвы. Але мая цікаўнасць мацнейшая. Я буду кансультавацца з юрыстамі. Наш дырэктар як былы супрацоўнік КДБ таксама ведае і ўмее размаўляць з людзьмі".
Тым часам жанчына кажа, што ніякі страйк прадпрымальнікаў не планаваўся.
Нагадаем, Крыловіч была ініцыятаркай сходу прадпрымальнікаў “Прэстана” і разам з астатнімі гандлярамі дамагалася ў адміністрацыі цэнтра права гандляваць там надалей. Адміністрацыя ж хацела ўсіх выселіць і распачаць рамонт, каб здаць гандлёвых плошчаў расіянам.
Прадпрымальніца збіраецца прасіць у адміністрацыі гандлёвага цэнтру тлумачэнні, чаму не падаўжаюць дамову, бо ў гандлёвым цэнтры ёсць вольныя памяшканні.