У Малдове апазіцыя дамагаецца роспуску парламента

Мітынг з падобным лозунгам праходзіць ужо трэці раз. Яго арганізуе і праводзіць Камітэт па абароне Канстытуцыі і дэмакратыі, паведамляе РБК.

Удзельнікі акцыі патрабуюць як мага хутчэйшай адстаўкі кааліцыйнага ўрада, роспуску парламента. Таксама яны патрабуюць абраць новы склад Цэнтравыбаркаму, адправіць у адстаўку старшыню Канстытуцыйнага суда Аляксандра Тэнасе і правесці пасля гэтага новыя свабодныя, сумленныя і дэмакратычныя парламенцкія выбары.

Пратэстоўцы кажуць, што кіруючы альянс узурпаваў уладу ў краіне. Парламент Малдовы ўжо выкарыстаў усе адведзеныя яму законам спробы абрання прэзідэнта, але не зацвердзіў новага кіраўніка дзяржавы.

Камітэт па абароне Канстытуцыі і дэмакратыі пачаў у Малдове бестэрміновую акцыю пратэсту 22 студзеня. Узначальвае камітэт былы лідар Хрысціянска-дэмакратычнай партыі, былы віцэ-прэм'ер і экс-намеснік старшыні парламента Юрый Рошка.