У Малдове не знайшлося кандыдатаў у прэзідэнты
Камісія па выбарах завяршыла працу датэрмінова, паколькі ніхто не змог вылучыць кандыдатуру на гэты пост.
Прэзідэнцкія выбары ў Малдове былі прызначаныя на 18 лістапада. У камісію звярнуліся сем чалавек. Яны прадставілі ўсе неабходныя дакументы, акрамя подпісаў у сваю падтрымку, паведамляе ВВС.
Па законе, кандыдата павінны падтрымаць мінімум 15 дэпутатаў парламента. Менавіта парламент абірае прэзідэнта Малдовы. Прэм'ер-міністр краіны Улад Філат патлумачыў, што дэпутатам не ўдалося дамовіцца пра кандыдата ў прэзідэнты. Зараз парламент абавязаны прызначыць новыя выбары. Яны павінны адбыцца ў 30-дзённы тэрмін. Калі і ў другі раз не будзе кандыдатаў, альбо ніхто з іх не атрымае неабходнага 61 голаса, то парламент распусцяць.