У Малдове ў картэж Меркель кінулі "кактэйль Молатава"
У МУС Малдовы кажуць, што гэта адзіны інцыдэнт, які адбыўся падчас візіту ў Кішынёў канцлера Нямеччыны.
Як паведамляе РБК, здарэнне адбылося ўвечары 22 жніўня, калі картэж Ангелы Меркель ехаў з Крыкоўскіх вінных склепаў у міжнародны аэрапорт Кішынёва.
Невядомы мужчына кінуў у картэж бутэльку з запальнай сумессю. Праўда, "кактэйль Молатава" пацэліў у машыну прэм'ер-міністра Малдовы Уладзіміра Філата. Паліцыя адразу ж затрымала нападніка. Ідзе расследаванне. Пра асобу затрыманага не паведамляецца.
Дарэчы, напярэдадні візіту Меркель у Малдову спецслужбы прынялі павышаныя меры бяспекі. Па шляху картэжа былі завараныя ўсе каналізацыйныя люкі і ліўневыя каналізацыі. За бяспекай на дарозе падчас праезду картэжа сачылі снайперы. Па Кішынёве Меркель ездзіла на спецыяльным браніраваным аўтамабілі Audi-A8, які малдоўскія ўлады арандавалі ў Нямеччыне.
Фота — ibtimes.com