У Маскве паліцыя разагнала новы лагер апазіцыі (фота)
На гэты раз быў "зачышчаны" лагер на Кудрынскай плошчы каля станцыі метро "Барыкадная". Затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек.
Акцыя праводзілася ўначы. На той момант на плошчы амаль не было журналістаў. У лагеры заставалася каля 250 чалавек.
Як інфармуе gazeta.ru, праз некалькі гадзінаў усе затрыманыя былі вызваленыя з пастарункаў без складання пратаколаў.
А 4-й раніцы каля 50 чалавек сабраліся на Цвярскім бульвары. Каля іх дзяжурылі пяць аўтобусаў з паліцыянтамі. Іншыя дэманстранты вярнуліся на Кудрынскую плошчу альбо пайшлі на Стары Арбат (былі апазіцыянеры і каля будынка гарсуда). Такім чынам, у расійскай сталіцы дзейнічалі чатыры мабільных лагеры апазіцыі. Але да 8-й раніцы паліцыя правяла і іх "зачыстку" (на Кудрынскай плошчы затрымалі яшчэ 14 чалавек, паведамляе "Эхо Москвы") ды перашкаджае вяртанню на месцы лагераў людзей.
Нагадаем, расійская апазіцыя пратэстуе ў форме "народных гулянняў" супраць дзейнай улады ад дня інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна. Яна патрабуе вызвалення палітзняволеных і правядзення новых выбараў. Як мяркуецца, акцыі будуць працягвацца да 12 чэрвеня, калі ў Маскве мусіць прайсці чарговы масавы апазіцыйны марш.
Фота — Еўрарадыё