У Мінску адкрываецца VII фестываль Юрыя Башмета
Цырымонія адкрыцця пройдзе ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі.
Гэты міжнародны музычны форум распачнецца выступам Літоўскага камернага аркестра пад кіраваннем галоўнага дырыжора і саліста Сяргея Крылова (скрыпка) і лаўрэата міжнародных конкурсаў Расціслава Крымера (фартэпіяна). Яны выканаюць “Поры году” Антоніа Вівальдзі, тры п’есы для фартэпіяна і струнных і “Поры года” Астора П’яцолы.
У праграме фестывалю — выступ сусветнавядомага джазавага скрыпача Жана-Люка Понці з Францыі, салістаў Берлінскага філарманічнага аркестра, камернага ансамблю “Салісты Масквы” пад кіраваннем Юрыя Башмета. Дарэчы, артысты гэтага ансамблю будуць выконваць музыку на старадаўніх інструментах Страдзівары, Гварнэры, Амаці з дзяржаўнай калекцыі Расіі. Таксама на форуме выступяць “Авіў-квартэт” з Ізраілю ды іншыя выбітныя музыканты і калектывы, паведамляе БелаПАН.