У Мінску праходзіць развітанне з пісьменнікам Янкам Сіпаковым

Развітанне з Янкам Сіпаковым пачнецца 11 сакавіка ў 12.00 у мемарыяльнай зале Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра (вуліца Чырвонаармейская, 10).

Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч.

Грамадзянская паніхіда пройдзе з 13.00 да 14.00. Затым Янку Сіпакова пахаваюць на гарадскіх могілках у Калодзішчах.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Янка Сіпакоў памёр 10 сакавіка на 76-м годзе жыцця.

Янка Сіпакоў - аўтар паэтычных зборнікаў "Сонечны дождж", "З вясны ў лета", "У поўдзень, да вады", кніг прозы "Крыло цішыні", "Жанчына сярод мужчын", "Журба ў стылі рэтра".

Фота: zviazda.by