У Мінску ў каналізацыю правалілася дзіцячая пясочніца (відэа)
Здарэнне адбылося на сталічнай вуліцы Філімонава.
Як паведамляе тэлеканал АНТ, у адкрыты каналізацыйны калодзеж правалілася частка дзіцячай пляцоўкі.
Дзеці тут гуляюць ужо дзесяць гадоў. Пра тое, што ад двухметровага калодзежа іх аддзяляюць толькі трухлявыя драўляныя бэлькі і дваццаць сантыметраў пяску, бацькі, вядома, не здагадваліся. Кажуць, што пацярпелых не было проста цудам.
Галоўны інжынер ЖЭС №23 Аляксандр Істленцьеў кажа, што металічныя краты над калодзежам проста прагнілі. Жыхарам навакольных дамоў прапануюць выйсці на суботнік і перанесці пясочніцу на два метры ўбок.