У Мінску ўзнагародзяць пераможцаў “Прэс-фота Беларусі-2012”

Гран-пры пераможца атрымае з рук сталага сябра журы конкурсу "Прэс-фота Беларусі", кіраўніка маскоўскага бюро Associated Press, лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі Аляксандра Зямлянічанкі.

Вядучым цырымоніі будзе Лявон Вольскі, які пасля ўзнагароджання ўдзельнікаў дасць невялікі канцэрт.
Выстава работ пераможцаў будзе даступная два дні, 26 траўня ад 12.00 да 22.00 і 27 траўня ад 14.00 да 22.00. Упершыню ў гісторыі конкурсу будуць дэманстравацца ўсе здымкі-пераможцы — а іх сёлета каля 280, інфармуе generation.by

Конкурс “Прэс-фота Беларусі” ладзіцца трэці год. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца айчынныя фатографы, якія супрацоўнічаюць са СМІ. У 2012 годзе аргкамітэт атрымаў заяўкі ад 90 удзельнікаў, якія даслалі больш за 2500 здымкаў для ўдзелу ў конкурсе.

Журы конкурсу, у якое ўваходзяць вядомыя айчынныя і замежныя фатографы і фотарэдактары, вызначыла пераможцаў у наступных намінацыях: “Навіны”, “Людзі ў навінах”, “Спорт”, “Паўсядзённае жыццё”, “Партрэт”, “Мастацтва і забавы”, “Прырода”, “Народныя традыцыі”. Ацэньваліся як адзінкавыя здымкі, так і сэрыі фатаграфій.