У Мінску знайшоўся VIP-самалёт Юліі Цімашэнкі (фота)

Журналісты "Комсомольской правды в Беларуси" адшукалі самалёт сярод ангараў мінскага авіярамонтнага заводу. Вядома, што Ту-134 ужо больш за 25 гадоў, упершыню ён здзейсніў палёт у чэрвені 1987-га. Спачатку самалёт знаходзіўся на сельскагаспадарчай службе ў Расіі, а ў пачатку 2000-х яго адрамантавалі і пераабсталявалі ў беларускай сталіцы. Яго сталі выкарыстоўваць для vip-перавозак.

Спачатку ў самалёта былі расійскія гаспадары, пасля — ўкраінскія. А з 2006 года, як кажуць авіяцыйныя эксперты, Ту-134 стаў асабістым vip-самалётам Юліі Цімашэнкі (украінскі прэм'ер у 2005 і 2007-2010 гадах, а цяпер — палітзняволеная).

Апошні свой палёт самалёт здзейсніў у красавіку 2008-га. Тады ж яго выставілі на продаж за 3,3 млн долараў. Аднак пакупнікоў не знаходзіцца дагэтуль. Два гады таму стала вядома, што ўладальнікам Ту-134 з'яўляецца адна з кіпрскіх кампаній.

Фота — kp.by