У Мінспорту і Алімпійскім камітэце зменіцца кіраўніцтва?
Такімі будуць вынікі сённяшняга Алімпійскага сходу ў Мінску.
Сход прайшоў пад старшынствам прэзідэнта Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Аляксандра Лукашэнкі і доўжыўся чатыры гадзіны. Кіраўнік дзяржавы назваў выступ беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе правальным, хоць і не катастрафічным. Нагадаем, што наша зборная заняла 26-е месца ў медалёвым заліку.
У правале Лукашэнка абвінаваціў спартовых чыноўнікаў. Па яго словах, кіраваць спартовай галіной будуць надалей іншыя людзі. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на ананімнага ўдзельніка сходу.
Лукашэнка заявіў, што персанальную адказнасць за вынікі ў Лондане (12 медалёў) нясуць міністр спорту і турызму Алег Качан, віцэ-прэзідэнты НАК Сяргей Цяцерын і Генадзь Аляксеенка, першы віцэ-прэзідэнт НАК — памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцці турызму Ігар Заічкаў.
Асабліва Лукашэнку абурыла, што на Алімпіяду не прабіліся прадстаўнікі гульнявых відаў спорту, якія атрымалі значныя бюджэтныя сродкі. Трапілі толькі футбалісты. Але і яны, на думку Лукашэнкі, лепш бы туды не ездзілі.