У Мосары ўшанавалі памяць Яна Паўла ІІ (фота)
Урачыстая літургія падзякі за беатыфікацыю папы Яна Паўла ІІ адбылася 1 траўня ў вёсцы Мосар на Глыбоччыне.
Мосар быў першым населеным пунктам у Беларусі, дзе ўсталявалі помнік Яну Паўлу ІІ. Ініцыятарам гэтага быў ксёндз Ёзас Булька, які памёр летась.
З 29 красавіка па 1 мая вернікі мосарскай парафіі ўдзельнічалі ў сустрэчах, якія паглыблялі веды пра Вялікага Папу і яго пантыфікат. Пасля набажэнстваў вернікам паказалі фільм італьянскага рэжысёра Джакома Бацціяна "Караль — чалавек, які стаў Папам".

Як адзначыў падчас набажэнства пробашч мосарскай парафіі ксёндз Аляксей Юркайць, дэвізам пантыфікату Яна Паўла ІІ былі словы "Totus Tuus" — "Увесь Твой". Таму ўсё яго жыццё было звязана з Марыяй, Божай Маці. І не выпадкова беатыфікацыя адбылася ў першы дзень траўня — месяца, які католікі прысвячаюць Марыі.