У Нямеччыне па спісе Інтэрполу затрыманы палітэмігрант Ігар Коктыш

Коктыша затрымалі за 90 кіламетраў ад Берліна пасля пашпартнай праверкі. Выявілася, што ён знаходзіцца ў спісах Інтэрпола на затрыманне па запыце беларускага бока.

У Беларусі Ігара Коктыша вінавацілі ў забойстве. У 2001 годзе ён правёў да суда 9 месяцаў у Баранавіцкім СІЗА. Баранавіцкі раённы суд прызнаў яго невінаватым, а Вярхоўны суд пакінуў вердыкт без зменаў. Аднак Генпракуратура апратэставала гэтае рашэнне і накіравала справу на новы разгляд. Коктыш на той момант знаходзіўся ва Украіне. У чэрвені 2007 года яго затрымалі і змясцілі ў Сімферопальскі СІЗА, дзе Ігар правёў 2,5 года. Яго вызвалілі на патрабаванне Страсбургскага суда ў лютым 2010 года.

Па вызваленні Ігар Коктыш займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, стаў стваральнікам палітычнай сацыяльнай сеткі Interpolit.net. У 2011 годзе Коктыш атрымаў прытулак у Польшчы.

Нагадаем, што гэта не першы выпадак, калі Інтэрпол затрымлівае беларускіх палітэмігрантаў па просьбе афіцыйнага Мінску. Так, Алеся Міхалевіча затрымлівалі двойчы.

Фота — koktysh.org