У Паўночнай Карэі ёсць выпадкі галоднага канібалізму
Пра такія выпадкі распавядаюць уцекачы з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі.
Уцекачы становяцца адной з нешматлікіх крыніц пра сапраўднае жыццё ў Паўночнай Карэі. Двое з іх, Чоа Чханьян і Кім Юсун, якія пакінулі краіну ў 2011 годзе, распавялі свае гісторыі кампаніі ВВС.
Па словах Чоа Чханьян, яна чула, што некаторыя карэйцы ядуць чалавечае мяса. Ёсць людзі, якія выкрадаюць дзяцей і прадаюць іх мяса, а галаву і пальцы хаваюць. Жанчына кажа, што не верыла ў гэтыя чуткі, пакуль цесця і цешчу яе знаёмага не забілі. Яны былі мяснікамі, і іх нібыта пакаралі за гандаль чалавечым мясам.
Кім Юсун таксама чуў пра такія выпадкі і думае, што ў іх можа быць частка праўды. Па яго словах, падчас навучання ва ўніверсітэце ён сутыкаўся з выпадкамі, калі людзі ад голаду гублялі разуменне і елі чалавечае мяса.
Чуткі пра канібалізм у КНДР упершыню з’явіліся падчас Вялікага голаду 1994–1998 гадоў. Тады Кітай праз неўраджай рэзка скараціў дапамогу Паўночнай Карэі. Паводле розных ацэнак, тады памерла ад 600 тысяч да 1 мільёна чалавек.
Фота — topwar.ru