У Пінску знікаюць шапікі на прыпынках

Сёлета прыватныя прадпрымальнікі не адкрылі ніводнага кіёска, прычым адклікалі ліцэнзіі на права гандлю адразу восемь. Значная частка гандлёвых шапікаў на пінскіх аўтобусных прыпынках ужо працяглы час стаяць зачыненымі.

У Пінскім гарвыканкаме лічаць, што яны не вытрымліваюць канкурэнцыі з буйнымі гандлёвымі сеткамі, таму прапаноўваюць дробнаму гандлю ісці ў новыя мікрараёны горада з неразвітай інфраструктурай. Уладальнікі шапікаў пры гэтым адчуваюць сябе падманутымі: спачатку за іх кошт былі пабудаваныя і добраўпарадкаваныя аўтобусныя прыпынкі, а потым улады забаранілі продаж піва і ўвялі абмежаванні ў найме работнікаў.