У Шаркаўшчыне затрымалі трох журналістаў

Зміцер Лупач — рэдактар недзяржаўнай газеты “Прэфект-інфо”. Гэта рэкламнае выданне, якое выдаецца ў Глыбокім і распаўсюджваецца ў вакольных райцэнтрах. Журналісты Вячаслаў Пяшко і Ганна Аземша здымалі, як спадар Лупач распаўсюджвае газету.

У райаддзеле міліцыі сказалі, што нехта патэлефанаваў і паскардзіўся: распаўсюд газеты на кірмашы здымаюць на відэакамеру, паведамляе Радыё Свабода. На месца прыехалі міліцыянты і пачалі дапытваць, ці зарэгістраваная гэта газета, хто яе выдае, з якімі мэтамі.

Затрыманых спачатку адвезлі ў пастарунак, а пасля адпусцілі. Са Змітра Лупача ўзялі абяцанне, што ў панядзелак ён перадасць па факсе доказы таго, што рэкламная газета выходзіць легальна. Дарэчы, у Шаркаўшчыне яе распаўсюджваюць не першы год, і дагэтуль пытанняў не было.