У Сочы дзеля рэзідэнцыі Лукашэнкі высяляюць людзей
Ужо рассялілі 40 сем'яў, якія жывуць на тэрыторыі санаторыя "Беларусь". Не з'язджаюць толькі сёстры Валянціна і Любоў Голубевы.
Пра іх гісторыю напісала расійская "Новая газета". Нагадаем, што нерухомасць санаторыя належыць Беларусі, а тэрыторыя арандаваная ў Расіі на 49 гадоў. У 2009 годзе тут было вырашана будаваць рэзідэнцыю беларускага кіраўніка, дзеля чаго і пачалі высяляць жыхароў.
Побач з будучай рэзідэнцыяй ужо пабудавалі гасцявыя дамкі, а цяпер майструюць эскалатар даўжынёй 200 метраў для спуску да мора.
Сёстры Голубевы жылі і працавалі ў санаторыі з 1988 года. Іх жыллё мела статус кватэры, з якой іх ніхто не мог выселіць. Аднак кіраўніцтва санаторыя вырашыла іначай і прапанавала ім перасяліцца. Голубевы не пагаджаюцца: замест кватэры ім прапануюць інтэрнат. Да таго ж, адна з сясцёр — інвалід другой групы і ёй паводле закону належыць дадатковая жылплошча. А экспертыза пацвердзіла, што прапанаваны інтэрнат для жылля непрыдатны.
Адміністрацыя санаторыя замуравала жанчынам душ, адключыла на зіму святло і цяпло.
Фота: sanbelarus-sochi.ru