У Стакгольме сёння пройдзе акцыя салідарнасці з Беларуссю
Яна набудзе літаратурны характар.
На знак салідарнасці з беларусамі сёння на адной з самых вялікіх плошчаў Стакгольма Medborgarplatsen шведы ладзяць 12-гадзіннае чытанне тэкстаў беларускіх пісьменнікаў. Прагучаць творы Валянціны Аксак, Святланы Алексіевіч, Васіля Быкава, Вольгі Іпатавай, Артура Клінава, Валерыі Куставай, Вальжыны Морт, Уладзіміра Някляева, Дзмітрыя Плакса, Барыса Пятровіча, Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча ды іншых.
У чытаннях возьмуць удзел шведскія літаратары, выдаўцы, перакладчыкі ды прадстаўнікі іншых творчых прафесій, а таксама пісьменніцкіх арганізацый, паведамляе сайт Саюза беларускіх пісьменнікаў.
На імпрэзе можна будзе купіць кнігі беларускіх аўтараў у перакладзе на шведскую. Чытанне пачнецца а 12 дня і скончыцца а 12 ночы.