У Тамбоўскай вобласці Расіі злавілі беларускіх бандытаў
У групоўцы былі чатыры чалавекі.
Як паведамляе onlinetambov.ru, іх злавілі пасля чарговага крадзяжу грошай. Беларусы абакралі краму ў Тамбоўскай вобласці. Пакуль адна пара адцягвала прадаўца роспытамі пра тавар і прымеркай, другая скрала 160 тысяч расійскіх рублёў, якія былі пад прылаўкам.
Прадавец выявіў страту, калі зламыснікі ўжо сышлі з крамы. Паліцыянт, які быў паблізу, паспеў запісаць нумар машыны, на якой з'ехалі злодзеі.
Каб злавіць злачынцаў, паліцыя перакрыла трасу "Тамбоў-Пенза". Злачынцы кінулі машыну і спрабавалі схавацца ў лясным масіве, але дарэмна. Літаральна праз паўгадзіны пасля злачынства іх затрымалі. Пры ператрусе ў злачынцаў выявілі каля 400 тысяч расійскіх рублёў. Паліцыя падазрае іх у шэрагу іншых крадзяжоў.