У Венесуэле забілі двух апазіцыйных палітыкаў
Улады краіны пакуль не адрэагавалі на гэтыя паведамленні.
Адзін з загінулых, Гісон Валеро, з’яўляўся актывістам партыі “Справядлівасць вышэй за ўсё”, другі, Амар Фернандэс, падтрымліваў апазіцыю ў якасці незалежнага палітыка.
Са словаў паплечнікаў, узброеныя людзі адкрылі па іх агонь з аўтафургону. Некаторыя сведкі сцвярджаюць, што аўтамашына належала дзяржаўнай нафтавай кампаніі, перадае ВВС.
7 кастрычніка ў Венесуэле павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары. Дзейнаму прэзідэнту Уга Чавесу супрацьстаіць Энрыке Капрылес — адзіны кандыдат ад апазіцыйнай Кааліцыі дэмакратычнага адзінства.