У венскім судзе разглядаюць аўстрыйскі адпачынак Лукашэнкі
Судовы працэс над генсакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэту Гайнцам Юнгвіртам павінен аднавіцца 3 ліпеня ў Вене.
Суд пачаўся на мінулым тыдні, ён даследуе справу пра карупцыю ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Аўстрыі.
На першых паседжаннях суд разглядаў эпізоды, зьвязаныя з таемным рахункам алімпійскага камітэту, паведамляе Радыё "Свабода". Гэты "чорны рахунак" быў створаны ў траўні 2001 году ў банку Raiffeisen на загад тагачаснага прэзідэнта НАК і кіраўніка сеткі Casinos Austria Леа Вальнэра.
І Вальнэр, і Юнгвірт, і іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва абедзвюх названых арганізацыяў у 2002 годзе мелі непасрэднае дачыненне да прыёму дэлегацыі з Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Яны ж арганізоўвалі адпачынак беларускай дэлегацыі ў Альпах. Даказана, што гэтыя вакацыі былі аплачаныя менавіта з "чорнага рахунку" і гэтыя выдаткі доўгі час не ўключаліся ў падатковыя справаздачы.
Нагодай для расследавання сталі публікацыі спартовага эксперта Эрвіна Рота ў аўстрыйскіх СМІ.
На фота svaboda.org — журналіст Эрвін Рот.