Украіна часова адмовілася ад мяса з Еўрасаюза
У еўрапейскіх вытворцаў Украіна перастала купляць ялавічыну і бараніну.
Як паведамляе "Комсомольская правда в Украине", абмежаванне імпарту з'яўляецца часовым. Прычынай сталі звесткі з Нямеччыны, Бельгіі, Францыі, Вялікабрытаніі ды Нідэрландаў. У гэтых краінах адзначаныя ўспышкі захворвання жывёлаў, выкліканыя вірусам Шмаленберг, ад якога пакутуюць буйная і дробная рагатая скаціна. Ветэрынары кажуць, што гэты вірус экзатычны, ён перадаецца крывасмактальнымі кузуркамі і раней выяўляўся толькі ў аддаленых рэгіёнах свету.
Еўрапейскія медыкі запэўніваюць, што новае захворванне для чалавека не ўяўляе небяспекі. У Расіі ж упэўненыя, што ветслужбы еўрапейскіх краін замоўчваюць сітуацыю і не прымаюць дастатковых мераў па барацьбе з захворваннем. А, напрыклад, даследчыкі з Галандыі кажуць, што магчымасць заражэння чалавека вірусам Шмаленберг не выключаная. Пры гэтым сімптомы хваробы могуць быць самымі рознымі — ад лёгкай млосці, да ліхаманкі ды інтаксікацыі.