Украіна і Беларусь могуць разам адзначыць Бітву на Сініх Водах

Святочныя мерапрыемствы могуць быць арганізаваныя разам з Беларуссю і Літвой, паведамляюць украінскія СМІ. Праект пастановы на разгляд Рады ўнёс старшыня Камітэту па пытаннях культуры і духоўнасці, народны дэпутат Украіны Уладзімір Яварыўскі.

Дэпутат нагадвае, што сёлета спаўняецца 650 гадоў "вызначальнай для ўкраінскіх земляў бітвы на рацэ Сінія Воды паміж войскамі Вялікага княства Літоўскага на чале з князем Альгердам і аб'яднанымі атрадамі татарскіх ханаў. Вынікам бітвы стала вызваленне ўкраінскіх (рускіх) земляў ад прыгнёту Залатой Арды“.

Згодна з праектам пастановы, у верасні-снежні 2012 года ва Украіне на дзяржаўным узроўні ўрачыста адзначаць перамогу ў Бітве на Сініх Водах. Сярод іншага запланавалі пабудаваць мемарыяльны комплекс і музей на месцы бітвы, а таксама правесці перамовы з вышэйшымі службовымі асобамі Літвы і Беларусі пра магчымае агульнае святкаванне гадавіны бітвы.

Таксама да святочнай даты можа быць выпушчаная юбілейная манета і паштовая марка.

Фота — segodnya.ua