Украінцам не дазволілі ўшанаваць у Беларусі УПА

Аргументавалася неабходнасць устаноўкі шыльды тым, што менавіта каля гэтай вёскі ў 1942 годзе ўзнік першы аддзел УПА. Аднак, як пішуць украінскія СМІ, беларускія чыноўнікі палічылі такую падзею не надта важнай для яе ўвекавечання. Пры гэтым адказ на свой зварот украінцы атрымалі на беларускай мове.

Як ужо паведамляла Еўрарадыё, з просьбай пра ўсталяванне мемарыяльнай шыльды да Аляксандра Лукашэнкі звярнуўся дэпутат Львоўскай абласной рады і прэзідэнт Дабрачыннага фонду "Украіна-Русь" Расціслаў Наважэнец. Аднак замест кіраўніка Беларусі украінскаму палітыку адказалі з Брэсцкага аблвыканкама.

Нагадаем, што УПА, створаная Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў Сцяпана Бандэры, ваявала за незалежнасць Украіны супраць нямецкіх акупантаў, савецкіх партызанаў, а пасля — супраць савецкіх уладаў — аж да сярэдзіны 1950-х. На тэрыторыі цяперашняй Брэсцкай вобласці дзейнічалі партызанскія атрады УПА і падпольныя групы.