Улады Сербіі з-за халадоў могуць абвясціць наступны тыдзень непрацоўным
З такой ініцыятывай выступіў віцэ-прэм'ер і кіраўнік МУС краіны Івіца Дачыч. Урад пакуль не вызначыўся з рашэннем.
Па словах Дачыча, галоўнай праблемай стала перагрузка энергасістэмы: ужо некалькі дзён яна працуе на мяжы магчымасцяў. Спажыванне электрычнасці ў краіне б'е ўсе рэкорды, і эксперты сур'ёзна заклапочаныя яе станам, адзначае РІА "Новости".
Прычынай такой сітуацыі стала тое, што электраэнэргія ў сербаў танней, чым сістэмы на нафтапрадуктах. Таму жыхары краіны актыўна ўключаюць электраабагравальнікі. Праблема пагаршаецца тым, што значная частка дамоў ці кватэр у Сербіі не прыстасаваная пад працяглыя мінусовыя тэмпературы.
Па словах прадстаўніка сербскага ўрада, у пятніцу па ўсёй краіне будуць прымусова адключаныя ад электрычнасці 2 тысячы фірмаў і кампаній.
З панядзелка ў Сербіі былі зачыненыя школы і некаторыя іншыя навучальныя ўстановы. Магчыма, што змушаныя вакацыі будуць падоўжаны і на ўвесь наступны тыдзень.