Унутры Беларусі кошты на газ у 2012 годзе не знізяцца

Пра гэта паведамляе interfax.by са спасылкай на эксперта, знаёмага з дамоўленасцямі паміж Беларуссю і "Газпрамам".

Эксперт мяркуе, што ўнутраны кошт на газ, у лепшым разе, захаваецца на сёлетнім узроўні. Пры гэтым не выключана, што кошты нават вырастуць. Праблема палягае ў структуры ўнутрыбеларускага коштаўтварэння і радыкальнай змене адносінаў "Белтрансгазу" з беларускай дзяржавай і сістэмай дзяржрэгулявання коштаў. Нагадаем, што "Белтрансгаз" неўзабаве будзе на 100% належаць "Газпраму".

Фактычна, па кошце 165 долараў за тысячу кубаметраў "Газпрам" будзе прадаваць газ сам сабе, бо ён стане ўласнікам "Белтрансгазу". Зарабляць "Газпрам" будзе на надбаўцы, з улікам якой газ будзе перапрадавацца "Белтопгазу" для далейшага размеркавання спажыўцам, растлумачыў эксперт.

Па яго словах, унутраны аптовы кошт газу ў Беларусі складзе ў суме 217 долараў за тысячу кубаметраў.