"Уралкалій" пакуль не хоча паглынаць “Беларуськалій”

Пра гэта заявіў 28 чэрвеня генеральны дырэктар “Уралкалія” Уладзіслаў Баўмгертнер на XV штогадовай канферэнцыі інвестараў у Маскве. Ён сказаў, што “Беларуськалій” для расіян цікавы з пункту гледжання здзелкі па зліцці і паглынанні. Аднак зараз “Уралкалій” не вядзе ніякіх перамоў аб здзелцы ні з “Беларуськаліем”, ні з беларускім урадам, паведамляе РИА Новости.

Адначасова Баўмгертнер заявіў, што і выдача “Уралкаліем” Беларусі крэдыту на мільярд долараў таксама малаімаверная. “Сэнс здзелкі ўжо не такі актуальны і для беларускага боку, і для нас”, — дадаў ён.

Нагадаем, 10 чэрвеня на нарадзе па пытаннях развіцця “Беларуськалія” Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Ніхто нікому за бясцэнак “Беларуськалій” не аддасць”. Ён таксама не выключыў, што з 1 ліпеня сума ў 30 мільярдаў долараў, у якую беларускія эксперты ацанілі гэтае прадпрыемства, будзе індэксавацца з улікам інфляцыі долара. Паводле слоў Лукашэнкі, “пара купцоў” ужо заявілі пра гатоўнасць заплаціць такую суму.