Вандалы адрэзалі дзюбы амаль 100 птушанятам бакланаў на Віцебшчыне

Пакалечаных птушанятаў знайшлі арнітолагі на выспе аднаго з вадаёмаў, паведамляе interfax.by. Няшчасныя птушаняты сядзелі ў хмызняку і хаваліся ў траве.

Супрацоўніца Акадэміі навук Ірына Самусенка кажа, што ў нашай краіне рэгулююць колькасць бакланаў і шэрых чапляў, але ўпершыню сустракаецца такі варварскі спосаб. Зазвычай людзям, якія адстрэльваюць бакланаў, выплачваюць грошы. Каб пацвердзіць колькасць адстраляных птушак, трэба прынесці нейкае пацверджанне — напрыклад, лапкі птушкі або дзюбы.

Рэч у тым, што бакланы і шэрыя чаплі наносяць вялікую шкоду рыбгасам, таму залічаныя ў так званыя непажаданыя віды і іх дазволена адстрэльваць.

Дарэчы, гэты жорсткі і цынічны выпадак адбыўся, калі ў краінах Еўропы праводзіцца пан'еўрапейскі ўлік вялікіх бакланаў. Маніторынг гэтай птушкі ідзе ў тым ліку і ў Беларусі.

Фота — texomahatchery.com