Вайсковы пенсіянер вылічыў, з-за чаго падтаплівае Брэст
Прычынай ён назваў не афіцыйна заяўленыя “празмерныя ападкі”, а закрытыя шлюзы перад Веславальным каналам і пры ўпадзенні Мухаўца ў Буг.
Падтапленні соцень садовых участкаў, падворкаў, падвалаў, гаражоў пачаліся ў Брэсце з 2005 года. Былы ваенны эканаміст Уладзіслаў Малойчанка супаставіў статыстыку ападкаў і пачатак грузавой навігацыі па Мухаўцу, паведамляе газета “Вечерний Брест”. У выніку стварыўся эфект падпірання грунтавой вады, сцвярджае пенсіянер Малойчанка. Яна проста не паспявае адступіць у тоўшчу зямлі: хуткасць цячэння грунтавой вады ўсяго метр у гадзіну.
На пачатак падтапленняў прыпадае і ўвядзенне ў эксплуатацыю Веславальнага канала з яго адмысловым узроўнем вады.
За праверку версіі пенсіянера выказаліся навукоўцы абодвух мясцовых універсітэтаў. Тое ж рэкамендуе Брэсцкаму аблвыканкаму Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Фонд фундаментальных даследаванняў пры аблвыканкаме аб’явіў спабор на тэму падтапленняў.