Вернікі прапанавалі абвясціць 19 лютага днём малітвы за палітвязняў

Група хрысціянскіх вернікаў прапанавала абвясціць 19 лютага днём малітвы за палітвязняў і з гэтай нагоды звярнулася да грамадскасці, паведамляе БелаПАН.

Сярод падпісантаў звароту — праваслаўныя, каталікі і пратэстанты, у тым ліку пастар Барыс Чарнаглаз, юрысты Сяргей Луканін і Дзіна Шаўцова, грамадскія актывісты Андрэй Кім і Ігар Бараноўскі, палітык Віталь Рымашэўскі, маці Паўла Севярынца Таццяна Севярынец, журналіст Кастусь Шыталь, сябра надзвычайнай рады "БХД" Ірына Губская.

У звароце адзначаецца, што амаль два месяцы мінулі з часу жорсткага разгону мірнай акцыі і масавага збівання грамадзянаў на Плошчы. Яго аўтары нагадваюць, што дагэтуль многія суайчыннікі знаходзяцца ў турмах, а колькасць абвінавачваных і падазроных па справе аб "масавых беспарадках" дасягнула ўжо 54 чалавек, з якіх 33 знаходзяцца ў турме, а два палітычныя актывісты абвінавачваюцца ў хуліганстве.

Яго аўтары заклікаюць хрысціян аб'яднацца ў гэты дзень у малітве за ўсіх, хто за свае грамадзянскія перакананні знаходзіцца за кратамі альбо можа туды патрапіць, а таксама за іх сем'і, родных і блізкіх.