Віталь Радзівонаў як мінімум паўгода не выйдзе на поле
Нападаючы БАТЭ і зборнай Беларусі прайшоў медыцынскае абследаванне ў Мюнхене. На жаль, ён не зможа дапамагчы барысаўчанам у Лізе чэмпіёнаў.
Як паведамляе сайт БАТЭ, у нападаючага клуба Віталя Радзівонава дыягнаставалі поўны парыў пярэдняга крыжападобнага звязка правага каленнага сустава, поўны парыў бакавога ўнутранага звязка правага каленнага сустава. Таксама ў яго выявілі пашкоджанне храстка вялікай галёначнай косткі, посттраўматычны ацёк малой галёначнай косткі.
Нямецкія спецыялісты прапанавалі правесці аперацыю праз 4-6 тыдняў. Па іх прагнозах, мінімальны тэрмін аднаўлення пасля аперацыі — шэсць месяцаў.
Нагадаем, футбаліст атрымаў траўму ў матчы з мінскім "Дынама" 28 жніўня.