Віцэ-прэм'ер Румас: Урад прымае тэрміновыя меры па стабілізацыі эканомікі
Пра гэта Сяргей Румас заявіў 3 чэрвеня на паседжанні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.
На пазачарговым паседжанні трохбаковай рады абмяркоўваецца ход выканання Генеральнай дамовы паміж урадам, наймальнікамі і прафсаюзамі на 2011—2013 гады, а таксама актуальныя эканамічныя праблемы.
Па словах Румаса, якія перадае БЕЛТА, неабходна абмеркаваць меры па стабілізацыі як у цэлым у эканоміцы, так і на спажывецкім і валютным рынках у прыватнасці. Асаблівую ўвагу, як падкрэсліў віцэ-прэм'ер, варта надаць разгляду пытання пра сацыяльную абарону малазабяспечаных пластоў насельніцтва.
Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур паведаміў, што падрыхтаваны праект указу прэзідэнта, накіраваны на стрымліванне росту цэнаў.